АКАДЭ́МІІ МАСТА́ЦКІЯ,
установы (найчасцей дзярж.), якія з’яўляюцца навукова-творчымі цэнтрамі ў пытаннях класічных мастацтваў, а таксама вышэйшыя (часам прыватныя) маст. школы.
Першапачаткова акадэміі мастацкія, што ўзніклі ў Італіі ў 16 ст., былі свабоднымі аб’яднаннямі мастакоў, якія вывучалі мастацтва антычнасці, прыёмы майстроў Адраджэння і вял. значэнне надавалі малюнку як асн. форме мастацтва. Першая ўласна акадэмія мастацкая створана ў Парыжы ў 1648 як Каралеўская акадэмія жывапісу і скульптуры, дзе на аснове прынцыпаў класіцызму былі распрацаваны правілы т.зв. «вялікага стылю» прыдворнага арыстакратычнага мастацтва. На ўзор парыжскай створаны акадэміі мастацкія ў Вене (1692), Берліне (1694), Лондане (1768) і інш.
У 1757 створана першая рас. акадэмія мастацкая (Пецярбург; існавала да 1918). У ёй вучыліся і мастакі з Беларусі Л.Альпяровіч, С.Богуш-Сестранцэвіч, В.Ваньковіч, А.Гараўскі, Ф.Гарэцкі, Ф.Дмахоўскі, К.Кукевіч, Ф.Рушчыц, Н.Сілівановіч, Б.Тамашэвіч, І.Трутнеў, І.Хруцкі і інш. У 19 ст. многія акадэміі мастацкія ператварыліся ў цэнтры афіц. мастацтва і праваднікоў ідэаліст. эстэтыкі, сталі тормазам у развіцці прагрэсіўнага мастацтва. Паміж мастакамі-рэалістамі і прадстаўнікамі акад. мастацтва ішла барацьба (гл. Перасоўнікі). Пецярбургская акадэмія мастацкая, як і многія інш., захавала сваё значэнне як школа прафес. майстэрства. У 19 ст. на Захадзе акадэміямі часам наз. прыватныя маст. студыі (акадэмія Жуліяна ў Парыжы) і інш. У 1933 у Ленінградзе створана як ВНУ Усерас. акадэмія мастацкая, рэарганізаваная ў 1947 у акадэмію мастацкую СССР (Масква), з 1991 Расійская акадэмія мастацтваў. На Беларусі працуе (з 1991) Беларуская акадэмія мастацтваў.
т. 1, с. 178
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)